top of page

ЦІКАВЫ ФАКТ!

 «Людзі на балоце» ледзь не згарэлі Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачуўся пах гарэлага, потым паказаўся дым. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. “Прымчаліся пажарныя, – расказваў Вітка. – Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа…” Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман “Людзі на балоце”. Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку. “Палеская хроніка” засталася няскончанай. Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

bottom of page